Моё интервью журналу «Маладосць» (Беларусь)

САКРАМЕНТАльны  ГОМЕЛЬскі  ПАЭТ СЯРГЕЙ  САПОНЕНКА

Багата пісьменнікаў ды паэтаў, беларусаў па паходжанні і нацыянальнасці, жыве з маленства альбо з даволі сталага ўзросту не ў Беларусі. Ці добра, што беларуская зямля такая шчодрая: раздае іншым краінам свой галоўны скарб — таленавітых людзей? А можа, і добра, бо французы, амерыканцы, аўстралійцы ды кітайцы даведваюцца пра Беларусь дзякуючы людзям, якія ўмеюць па-асабліваму ператвараць пачуцці і вопыт у словы.

І наўрад ці жыхары амерыканскага горада Сакрамэнта, што ў сонечнай Каліфорніі, ведалі б пра існаванне беларускага Гомеля, калі б аднойчы туды не пераехаў Сяргей Сапоненка.

Сяргей нарадзіўся ў Гомелі з дыягназам, што ставіць пад вялікае пытанне шчаслівую будучыню, — цяжкай формай ДЦП. Але ўзамен Бог падараваў яму ясны розум і паэтычны талент, які вызначыў ягоны лёс…

Сёння Сяргей Сапоненка з’яўляецца прызнаным паэтам. Ён сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі публіцыстаў і пісьменнікаў, Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў. Ён аўтар больш як дзвюх тысяч вершаў, якія друкуюцца па ўсім свеце: у Нямеччыне (выдавецтва «TITEL», двухтомны зборнік вершаў «Сердце на бумаге»), Нідэрландах (выдавецтва «DRTS», зборнік вершаў Роберта Макчэйна ў перакладзе Сяргея Сапоненкі), Францыі (выдавецтва «AFEL», зборнікі «Люблю» і «Журавлик бумажный»), Беларусі (зборнікі «Вера, надежда, любовь» і «Versus»), Украіне (першы том збору твораў Сяргея Сапоненкі), Вялікабрытаніі (выдавецтва «Альбион», зборнік «Я напою тебе»).

З 2008 года Сяргей жыве ў ЗША. Там жа ён ажаніўся з амерыканкай з украінскімі каранямі, і там жа з’явілася на свет іх дачка Даніэла…

— Сяргей, вы памятаеце, калі напісалі свой першы верш? Чаму ці каму вы яго прысвяцілі?

— Мой першы верш з’явіўся 17 кастрычніка 1996 года, праз месяц пасля таго, як я абзавёўся камп’ютарам (у снежні 1996 мне споўнілася 30). Я хацеў пісаць прозу, але атрымаліся вершы. З-за хваробы мне цяжка пісаць прозу, а кароткім вершам можна шмат сказаць. Мой першы верш быў пра веру ў Бога.

— Калі выйшаў ваш першы зборнік паэзіі? Пра што ён распавядаў?

— Гэта быў невялічкі зборнік пад назвай «Versus», выдадзены ў Гомелі ў 2000 годзе. У яго ўвайшлі вершы пра вяртанне да Бога пасля бадзяння па свеце. Менавіта таму і называецца «Versus», бо гэта лацінскае слова ў адным са значэнняў перакладаецца як «верш», а дзеяслоў vertere, ад якога і ўтварылася слова versus, значыць «вяртаць».

— Колькі ўсяго вершаў у вашай паэтычнай скарбонцы? Пра што вы найбольш любіце рыфмавана распавядаць?

Я перастаў падлічваць колькасць напісаных мною вершаў. Іх дакладна больш за дзве тысячы. Я пішу на розныя тэмы, але пераважаюць рэлігійная і любоўная лірыка.

— Калі паэты пішуць любоўную лірыку, тут пытанняў не ўзнікае, бо кожны перажывае каханне… А вось што датычыцца рэлігійнай тэматыкі, то рэдкі паэт звяртаецца да яе, не кожны ўзгадвае ў вершах Бога. Чаму для вас гэта тэма з’яўляецца такой важнай?

Калі я пачаў пісаць вершы, мне ўжо было 30 год. У гэтым узросце глядзіш на свет не так, як закаханы падлетак. Без любові да Бога нельга па-сапраўднаму любіць людзей.

— На пачатку сваёй творчай дзейнасці вы складвалі вершы ў шуфлядку, ці пачалі адразу ж друкавацца?

Ужо ў 1997 годзе мае вершы амаль што адначасова надрукавалі ў часопісах «Беларусь» і «Першацвет», а таксама ў газеце «Гомельская праўда» і ў некаторых рэлігійных выданнях. А з 2000 года мяне пачалі друкаваць у выданнях Нямеччыны, Францыі, ЗША.

— Ад каго вы атрымалі першую ўхвалу?

Першы мае вершы адзначыў Артур Вольскі (беларускі пісьменнік, бацька музыкі Лявона Вольскага. — Заўв. рэд.), і ягоныя словы мяне натхнілі. Ён сказаў, што ў мяне дар ад Бога, свежае светаўспрыманне.

— Якую з атрыманых літаратурных узнагарод вы лічыце найбольш значнай?

Дыплом Міжнароднай асацыяцыі публіцыстаў і пісьменнікаў. Бо гэта сведчанне таго, што вядомыя літаратары высока ацанілі мае тэксты.

— У вас ёсць свой сайт, які штогод наведваюць каля 40 тысяч чалавек. А ці ёсць зваротная сувязь з чытачамі?

Так, мой сайт існуе ўжо каля 14 год. І сувязь з чытачамі ёсць. Мне пішуць багата адкуль: з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Канады, ЗША, Фінляндыі, Беларусі і іншых краін. Тэмы гэтых лістоў розныя: ад споведзі да прапаноў музыкаў і выдаўцоў аб супрацоўнітве.

— Некаторыя вашыя вершы пакладзе-

ны на музыку, іх спяваюць. То бок, да вас звяртаюцца самі выканаўцы з просьбай выканаць песні на вашыя вершы?

Так. Літаральна ўчора да мяне ў чарговы раз звярнулася з такой просьбай маладая спявачка. Яна збіраецца запісваць новы альбом.

— Паколькі вы ўжо 6 год жывяце ў Штатах, ці з’явіліся ў вас англамоўныя вершы?

Я думаю і пішу па-руску. Англійскую

дрэнна засвоіў. Ды і ў Сакрамэнта, дзе жыву, 150 тысяч рускамоўных жыхароў. Тут існуе творчае аб’яднанне славянскіх літаратараў. І тут адбыліся тры мае творчыя вечарыны. Але ўсё ж 15 маіх вершаў пераклалі на англійскую мову.

— Напэўна, вашае светаўспрыманне пасля пераезду ў ЗША змянілася. Тым больш у вас з’явілася асабістае мужчынскае шчасце — жонка, пасля дачка. Ці паўплывала гэта на вас як на паэта? Можа, амерыканскае жыццё прынесла вам больш натхнення?

Першыя чатыры гады пасля пераезду ў Амерыку я шмат пісаў пра каханне і веру. Пасля нараджэння дачкі я адчуў сябе больш сталым, але мае вершы засталіся на тым жа ўзроўні. Таму стаў пісаць менш. Не хачу заставацца юнаком у вершах.

— Ёсць такое меркаванне, што паэт, як і мастак, павінен быць напаўгалодным, бедным, адчуваць пакуты — тады толькі ён можа тварыць па-сапраўднаму. Вы адчувалі і пакуты, і шчасце. Што можаце сказаць пра гэты стэрэатып? Якім павінны быць паэт?

Магчыма, гэта таксама адна з пры-

чын, чаму я стаў менш пісаць. Натуральна, камфорт — вораг паэзіі. Паэт павінен заўсёды быць чымсьці незадаволеным: ці то ўласнымі вершамі, ці то станам грамадства, ці яшчэ чым…

— Сяргей, у адным з інтэрв’ю вы казалі, што багата чытаеце, таму што хочаце знайсці адказ на пытанне: «Дзеля чаго ўся гэтая мітусня?» Вы знайшлі адказ?

Так. Сэнс жыцця ў духоўным росце, у падрыхтоўцы да вечнасці. Вечнасць наканавана ўсім, толькі каму якая. Я не буду сцвярджаць, што бандыт і забойца патрапяць у пекла, а добры чалавек — у рай. Бог бачыць кожнага чалавека. А людзям уласціва з цягам часу мяняцца.

— Паколькі вы чалавек у літаратуры дасведчаны, не магу не папрасіць: парайце некалькі кніг, якія здольныя па-сапраўднаму насыціць душу і прасвятліць розум.

Для мяне галоўнае сілкаванне душы — Біблія. Яшчэ б параіў «Ганну Карэніну» Талстога, «Адрынутыя» Гюго, «Без дагмату» Сянкевіча.

— Мой муж (таксама паэт) у адным са сваіх вершаў напісаў: «У Беларусі было шмат паэтаў. Ды толькі то паэты, а гэтыя сыны: Купала Янка — першы, Сыс Анатоль — другі…» А каго з беларускіх пісьменнікаў вы вызначаеце для сябе?

З юнацтва я зачытваўся Васілём Быкавым і Уладзімірам Караткевічам. Цяпер чытаю раман майго сябра, гамяльчаніна Анатоля Бароўскага, і мне вельмі падабаецца! Анатоль Сыс — выдатны беларускі паэт.

— З якімі словамі вы б хацелі звярнуцца да вашых землякоў?

Дарагія гамяльчане, усміхайцеся, калі ласка! Калі ідзяце па горадзе, не глядзіце ў асфальт. Хаця б на імгненне ўзніміце погляд да неба — яно такое прыгожае, нават у пахмурны дзень! Хіба гэта не падстава падараваць усмешку сустрэчнаму мінаку? Бог любіць вас! Ён даў вам волю, а свабодныя людзі не могуць не радавацца. У Бібліі напісана: «Заўсёды радуйцеся!»

Запісала Кацярына ЯРЫВАНОВІЧ

КАСТРЫЧНІЦКІ СОН

Цішыня настала ў доме,
на гадзінніках не май.
Дробны дожджык мые Гомель:
навальніц ужо няма.
Ноч клубіцца без прасвету.
Пуста ля стала майго.
Адляцела ў вырай лета —
не шукаю я яго.
Раптам чую шолах. Дзверы
адчыняюцца мае —
і, развеяўшы нявер’е,
лета побач паўстае.
Кажа: «Ці магу пагрэцца?
Мерзну на тых берагах.
Ты ж і сам, напэўна, мерзнеш
у каменных абцугах?..»

Сяргей САПОНЕНКА


Комментарии: